У сучасных умовах i на новым аўтадроме.
Петрыкаўчане маглі заўважыць, што ў Петрыкаўскай РАС ДТСААФ з’явіўся новы аўтадром, абсталяваны ўсімі неабходнымі элементамі згодна з патрабаваннямі. Як адзначыў старшыня раённай арганізацыйнай структуры Аляксандр Рудзько, гэта сапраўды так. Некалі, калі ў раёне функцыянаваў між-школьны вучэбна-вытворчы камбінат, ДТСААФ для навучання ваджэнню грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў карысталася менавіта яго аўтадромам. А з выпадку рэарганізацыі апошняга з’явілася патрэба ў сваім. З гэтай прычыны і быў абсталяваны новы, які размешчаны каля аўтадрома для легкавых аўтамабіляў. Дарэчы, апошні сёлета таксама быў крыху абноўлены.
Дарэчы, гэта не адзіная навінка гэтага года ў РАС “ДТСААФ”. Для арганізацыі якаснага навучання курсантаў быў абноўлены парк вучэбных легкавых аўтамабіляў. Гэта таксама дало магчымасць арганізоўваць дадатковыя платныя заняткі па ваджэнні не толькі курсантам, але і ўсім жадаючым, пачынаючы з 16-гадовага ўзросту. У сярэднім гадзіна такіх заняткаў абыходзіцца 10 рублёў. Таксама ў хуткім часе чакаецца паступленне новага мікрааўтобуса “Мерсэдэс”, які прыйдзе на змену старэнькаму “КАвЗу” – для курсантаў, што праходзяць перападрыхтоўку з катэгорыі “С” на “Д”.
Для камфортнага навучання ў вучэбных класах, асабліва ў халодны перыяд года, у будынку “ДТСААФ” узводзіцца ўласная кацельня, якая будзе выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва. У хуткім часе яна пачне даваць цяпло.
Што датычыць навучальнага працэсу, як адзначыў Аляксандр Рудзько, зараз разглядаецца магчымасць арганізацыі платнага двухгадовага навучання па спецыяльнасці “Вадзіцель катэгорыі “В” і “С” для вучняў 10 і 11 класаў, як некалі ў МВВК. Чакаецца, што жадаючых атрымаць гэтую спецыяльнасць будзе нямала.
Зараз жа пакуль РАС ДТСААФ ажыццяўляе навучанне, пачынаючы з 16-гадовага ўзросту, курсантаў для атрымання вадзіцельскага пасведчання катэгорыі “В”, а таксама, пачынаючы з 19-гадовага ўзросту і магчымасцю здачы экзамена ў ДАІ пры дасягненні 21 года, перападрыхтоўку з катэгорыі “С” на “СЕ” і з “С” на “Д”.
Да ўсяго РАС ДТСААФ займаецца і грамадска-патрыятычным выхаваннем моладзі. Як адзначыў старшыня, зараз у раённай арганізацыйнай структуры дзейнічаюць 15 першасных арганізацый. Пры кожнай з іх функцыянуюць секцыі па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.
Зараз у “пярвічках” актыўна праходзяць справаздачна-выбарныя сходы, на якіх падводзяцца вынікі года і выбіраецца кіраўніцтва. На адным з апошніх сходаў, які праходзіў у СШ №2, старшынёй першаснай арганізацыі адзінагалосна быў выбраны настаўнік фізічнай культуры, трэнер секцыі па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі Вадзім Кавальчук. У астатніх “пярвічках” лідары засталіся ранейшыя.